Round_lg Round_pg
Newsposts
Publication
Title Я жыву Кангрэсам
Author Якавенка Васіль Цімафеевіч
Description Гэты мой ліст можна лічыць водгукам на Кіеўскі рэгіянальны кангрэс, які прайшоў 25–27 лістапада 2007 года і ўдзельнікам якога я быў.

Contents

Прэзідэнту Кангрэса міжнародных няўрадавых арганізацый Савета Еўропы Анялізе Оешгер

Генеральнаму дырэктару па пытаннях дэмакратыі
і палітычнай дзейнасці Савета Еўропы
Жан-Луі Ларану

Нам. кіраўніка НГА і грамадзянскай Супольнасці, Сакратарыят Савета Еўропы Пламену Нікалаву

Старшыні Савета лабараторыі заканадаўчых ініцыятыў,
Дырэктару Украінскай школы Палітычных студый
Ігару Когуту

Старшыні Цэнтра Усходнееўрапейскай дэмакратыі
Паўлу Казанецкаму

Выканаўчаму дырэктару міжнароднага фонда «Адраджэнне»
Яўгену Быстрыцкаму

Дырэктару Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў
Віталію Сіліцкаму




Шаноўныя спадары і спадарыні!

Гэты мой ліст можна лічыць водгукам на Кіеўскі рэгіянальны кангрэс, які прайшоў 25–27 лістапада 2007 года і ўдзельнікам якога я быў.
Форум падаўся мне вельмі цікавым; як вы памятаеце, на ім кожны прамоўца рабіў аналіз сітуацыі ў рэгіёне і ў сваёй асобна ўзятай краіне, але, бадай, усе закраналі праблемы і асаблівасці работы НГА ў Беларусі. Для мяне неўзабаве адкрылася агромністая розніца паміж тым, у якіх умовах пачала развівацца грамадзянская супольнасць у суседняй Украіне, і тым, што мы маем на Беларусі. Там — падтрымка з боку дзяржавы і камерцыйных структур. У нас — наадварот, робіцца ўсё, каб задушыць незалежныя палітычныя і грамадскія структуры. Толькі нядаўна, напрыклад, у 10 разоў павялічаны кошт на арэнду офісаў… Пры ўсім тым дадому я вяртаўся анепакоены адсутнасцю канструктыўных рашэнняў. Моцна бянтэжыла тое, што ўсе прапановы наконт выбару шляху і напрамкаў работы НГА Беларусі, пры больш пільным аналізе іх аказваліся тупіковымі.
Апраўдана і слушна, напрыклад, гучала думка, якую, выступаючы, і я падтрымліваў: ужо калі немагчыма змагацца з таталітарным рэжымам, дык давайце развіваць грамадзянскую супольнасць, пашыраць сетку НГА. Урэшце, гэта — адзінае, што нам застаецца рабіць: адстойваючы свае канстытуцыйныя правы, разгортваць працу насуперак разбуральнай волі і энергіі чыноўнікаў ўладнай «вертыкалі». Але ж сілы ў гэтым супрацьстаянні няроўныя. Таму і не выпадкова нашы аналітыкі лічаць за лепшае гаварыць не пра грамадзянскую супольнасць у Беларусі ў цэлым, а пра грамадзянскія згуртаванні (па-расейску «сообщества»), пра асобныя астраўкі грамадзянскай супольнасці ў краіне, што засталіся яшчэ не знішчанымі.
Прапановы супрацоўніцтва НГА з урадавымі структурамі Беларусі выглядаюць бесперспектыўнымі. Сцвярджаю гэта не гледзячы на поспех, якога наш Аргкамітэт па ўвекавечанні памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій дабіўся ў Год Памяці, а я там — адзін з лідэраў. Наступальная праца аргкамітэта ў розных накірунках і каля сотні зваротаў, публікацый, лістоў, якія мы разаслалі ў розныя дзяржаўныя ўстановы, — усё гэта нярэдка прымушала чыноўнікаў уступаць у перапіску і весці «дыялог» з намі па праблеме прызнання-непрызнання масавых рэпрэсій у краіне і іх актуалізацыі, асвятлення ў СМІ. Скончылася наша «асада» глухіх дзяржаўных сцен тым, што улады агучылі тэму рэпрэсій па тэлебачанні. Дзяржаўны канал ОНТ стварыў і паказаў відэаролік з удзелам прадстаўнікоў дзяржструктур і грамадскага Аргкамітэта Года Памяці. У выніку атрымаўся інфармацыйны прарыў. Але ж гэты прыклад хутчэй за ўсё — толькі выключэнне з правіл.
Спашлюся на уласны вопыт іншага кшталту.
У маі 1999 года па ініцыятыве ГА «Беларускі сацыяльна-экалагічны саюз «Чарнобыль», які я ачольваю, пры садзеянні прадстаўніцтва ААН у Рэспубліцы Беларусь ды Кансультатыўна-назіральнай групы АБСЕ была праведзена Міжнародная навукова-практычную канферэнцыя «Станаўленне грамадзянскай супольнасці ў Беларусі ў кантэксце ўстойлівага развіцця». Нам удалося сабраць за круглы стол як прадстаўнікоў дэмакратычных колаў, партый і рухаў, так і прадстаўнікоў праўрадавых службаў, інстытутаў і парламента. Спрэчкі былі даволі актыўнымі і канферэнцыя выпрацавала навукова абгрунтаваныя рэкамендацыі. Матэрыялы канферэнцыі выдадзены асобным зборнікам на беларускай, рускай і англійскай мовах. А што далей? Нікога з чыноўнікаў дзяржапарата гэты форум не закрануў.
Яшчэ адзін прыклад: летам 2002 года той жа Беларускі сацыяльна-экалагагічны саюз «Чарнобыль» разам з Саюзам беларускіх пісьменнікаў правялі пад эгідай ЮНЕСКА трохдзённы міжнародны сімпозіум на тэму: «Разнастайнасць моў і культур у кантэксце глабалізацыі». У сімпозіуме ўдзельнічалі Генеральны дырэктар ЮНЕСКА Каіціра Мацууры і прадстаўнікі больш чым з 20 краін Еўропы. У ім ужо не маглі не паўдзельнічаць і не выступіць з дэкларацыйнымі прамовамі міністры адукацыі і культуры. Матэрыялы сімпозіума сабраны і выдадзены ў 2-х тамах. Імі і сёння цікавяцца ў бібліятэках навукоўцы, студэнты. Толькі драконаўскае стаўленне дзяржапарата да роднай мовы і культуры так і не змянілася. Чаму?.. Ва ўмовах аўтарытарызму чыноўнікі працуюць не з грамадскай супольнасцю, а з уладаром, дыктатарам, фюрэрам. А той — у нашым канкрэтным выпадку — не мае павагі ні да гісторыі сваёй краіны, ні да яе мовы і культуры…

Цяпер у Беларусі шпаркімі крокамі ідзе навукова-тэхналагічная падрыхтоўка да будаўніцтва сваёй атамнай станцыі. І хоць гэтая задума пасля выбуху на Чарнобыльскай АЭС многім грамадзянам Беларусі падаецца дзікай дый эканамічныя разлікі — не на карысць, тым не менш праект галапіруецца бо ад мірнага атама да атамнай бомбы, здаецца, — ўсяго паўкрока, прынамсі, нядаўна было так. Цяпер існуюць тэхналагічныя абмежаванні. Тым не менш, атамам трэба авалодаць. А такому амбіцыйнаму лідэру дзяржавы, як наш, без бомбы ў кішэні — як без пораху на паляванні.
Нядаўна А. Лукашэнка ў інтэрв’ю іспанскай газеце «Эль Паіс» заявіў, што ЕС не хоча нармалізаваць адносіны з Беларуссю і ў гэтым нежаданні, маўляў, далёка зайшло, перад Рэспублікай Беларусь ЕС ставяцца «непрымальныя ўмовы».
Умовы для аўтарытарнага кіраўніка сапраўды непрымальныя. Еўрапейскаму Звязу не варта марыць пра тое, што Лукашэнка іх прыме. Нішто не прымусіць яго зрабіць гэта, апроч аднаго: палітычнага банкруцтва ў выніку актывізацыі той самай грамадзянскай супольнасці, пра якую на Кіеўскім форуме сказана столькі добрых слоў.
Калісьці, напрыканцы 80-х, наша грамадскасць, узнятая пісьменнікамі, спыніла на Беларускім Палессі здзяйсненне проста дзікунскага праекта меліяратараў, якім прадугледжвалася адсекчы ад вялізнай рачной поймы саму раку Прыпяць, выпраміць і зрабіць з яе канаву, а землі асушыць. Каб на тым праекце мы своечасова не паставілі крыж, у Беларусі на сённяшні дзень ужо была б пустыня.
Да грамадзянскай супольнасці так ці інакш прыслухоўваліся, нават за Саветамі. Хоць таксама не любілі яе.
Па дарозе з Кіеўскага форуму дадому яшчэ раз пераасэнсоўвалася пачутае там. І неяк шырэй стала бачыцца тое, што сапраўды варта было б зрабіць дзеля фарміравання і развіцця на Беларусі грамадзянскай супольнасці.
Падыходы ж ЕС да нашай краіны, на мой погляд, традыцыйныя і стандартныя, што ў прынцыпе не блага, але акурат у гэтым і заключаецца недахоп.
Не ўлічваюцца гістарычныя і культурныя асаблівасці нашага народа, для якога бясцэннымі з’яўляюцца і суверэнітэт і нацыянальная культура, родная мова. За гэтыя каштоўнасці беларусы неаднойчы змагаліся. Дастаткова згадаць паўстанне Кастуся Каліноўскага (1863), адраджэнцкая і нацыястваральная праца беларускіх пісьменнікаў Дуніна-Марцінкевіча, Багушэвіча, Ластоўскага, братоў Луцкевічаў, Багдановіча, Купалы, Коласа, памешчыка і грамадска-палітычнагага дзеяча Скірмунта (з 1860-х да 1917 года), утварэнне БНР (1918), Слуцкае ўзброенае паўстанне (Слуцкі збройны чын у падтрымку БНР) — (1920), нацыянальны рух за адраджэнне ў БССР (1920–1929), хваляванні студэнцкай моладзі, якая патрабавала навучання на беларускай мове (1960-я гады), шматлікія лісты інтэлігенцыі, рабочых і служачых да М. Гарбачава пад час перабудовы з патрабаваннямі дэмакратызацыі жыцця і вяртання нацыянальных каштоўнасцей (1987–88), дзейнасць Беларускага Народнага Фронта (1988–1995), нарэшце, утварэнне і дзейнасць на нацыянальнай аснове Рэспублікі Беларусь (1991–1995, да дзяржаўнага канстытуцыйнага перавароту), сучасныя акцыі палітычных партый і маладзёжных рухаў, рэпрэсіі супраць іх — усё гэта яскравае сведчанне тых спадзяванняў і мар, летуценняў, якія прытоена ляжаць у душы ў беларусаў.
У мяне ёсць сябра, беларускі пісьменнік Леанід Маракоў. Ён даследуе рэпрэсіі супраць беларускай нацыі, пачынаючы з 1792 года, калі, у выніку перадзелу тэрыторый у Еўропе, Беларусь у некалькі заходаў далучылі да Расіі. Дык вось, даводзіць ён, з моманту каланізацыі кожныя 20 гадоў (з невялікімі адхіленнямі) найбольш здольных і актыўных беларусаў рэпрасавалі, уціскалі, русіфікавалі. Рэпрэсіі дасягнулі свайго апагея ў 1930–40-я гады, калі была знішчана амаль уся беларускамоўная і патрыятычна настроеная інтэлігенцыя — 1,5 мільёна беларусаў патрапіла ў разрад «ворагаў народа», у лепшым выпадку іх высылалі ў Сібір і на Поўнач, у горшым — у канцэнтрацыйныя лагеры. Вынішчалася беларуская літаратура: за адзін толькі 1935 год, па дакументальных крыніцах, ліквідавана 1800 назваў кніг агульнай колькасцю 12 000 000 асобнікаў, выкінулі з ужытку патрыятычныя творы музыкі, беларускія песні, традыцыі. Гарэлі на вогнішчах рукапісы твораў…
Хіба гэта не генацыд народа?
Дык вось генацыд доўжыцца, і тыя юнакі і дзяўчаты, рэпрасаваныя ў 2007 годзе і паказаныя спадарыняй Л. Танкачовай на экране рэгіянальнага форума, — таксама ахвяры гэтага генацыду. Удушэнне маладых патрыятычных сіл у Беларусі патрэбна стратэгам афіцыйнай беларускай палітыкі дзеля таго, каб пры анексіі Беларусі Расіяй, нават ніякі камар не пікнуў.
Сёння кожны, хто гаворыць на беларускай мове, залічваецца ў апазіцыю, а гэта значыць — у патэнцыяльныя ворагі рэжыму. Таму ў «ворагі» быў залічаны таксама адзіны беларускамоўны ліцэй, які працаваў у Мінску. Цяпер ён вымушаны праводзіць заняткі з дзецьмі за межамі сваёй краіны.
Сёння ў Беларусі катастрафічна зніжаецца колькасць беларускамоўных школ, няма ніводнай вышэйшай навучальнай установы для карэннага беларускамоўнага насельніцтва.
Сёння парламент — Палата прадстаўнікоў — і сам прэзідэнт, і Міністэрства культуры, і Міністэрства адукацыі, і Нацыянальная Акадэмія Навук працуюць на мове суседняй дзяржавы, ігнаруючы мову свайго народа. Рускамоўны міністр адукацыі узначальвае Камісію па рэформе беларускай мовы. Ён жа нядаўна стаў кіраўніком партыі ўлады «Белая Русь», і можна смела прагназаваць ўцягванне настаўнікаў школ і педагогаў ВНУ ў авантурную антыбеларускую палітыку. Гэты ж міністр дазволіў сабе спусціць ва ўсе навучальныя ўстановы краіны распараджэнне, каб пісьменнікаў, што ўваходзяць у нацыянальны Саюз беларускіх пісьменнікаў (які ўлады даўно абрабавалі, супрацьзаконна забраўшы ў іх Дом літаратара і будынак пісьменніцкай паліклінікі), каб іх не смелі запрашаць на літаратурныя выступленні ў школы, інстытуты, універсітэты, іншыя вучэльні. Пры падтрымцы ж гэтага міністра творы папулярных пісьменнікаў, якія складаюць нацыянальны гонар беларусаў, выкідваюцца са школьных праграм.
Разам з тым багата хто з чыноўнікаў разумее недарэчнасць гэткай сітуацыі. Калі б узяць для параўнання і аб’ектыўнага аналізу, скажам, умовы для развіцця нацыянальнай школы, культуры і нават навукі ў 30-я гады, гады сталінскага тэрору і рэпрэсій, потым за гітлераўцамі, пад акупацыяй імі Беларусі і, нарэшце, у час Лукашэнкі — Радзькова, то, як ні дзіўна, варта было б прызнаць, найлепшыя ўмовы былі створаны пры акупацыйным нямецкім рэжыме, на змякчэнне і фарміраванне якога тут меў уплыў гаўляйтэр В. Кубэ. Перыяды ж першы і трэці акурат супадаюць па сваёй неаакупацыйнай разбуральнасці.
Каб дапамагчы змяніць сітуацыю ў краіне і актывізаваць беларусаў, асабліва нашу моладзь, на дэмакратычныя ды культурна-асветныя пераўтварэнні, па маім глыбокім перакананні, патрэбна зусім іншая стратэгічная палітыка ЕС і НГА Савета Еўропы.
Еўрапейскі саюз можа зрабіць вялікую справу. Варта толькі, не здымаючы з парадку дня прынцыповых патрабаванняў да лукашэнкаўскага рэжыму, узняць свой голас супраць дыскрымінацыі карэннага беларускага насельніцтва, якое складае больш за 80 адсоткаў ад усіх жыхароў краіны. Дыскрымінацыя з кожным годам узмацняецца і зусім нядаўна праявілася ў ліквідацыі навукова-даследчага акадэмічнага Інстытута беларускай літаратуры.
Еўрапейскі Саюз матывавана і лагічна мог бы заручыцца ў гэтым падтрымкай ЮНЕСКА і ААН. Не выключана, што і Міжнародны суд можа мець тут прадмет для спецыяльнага разгляду.
Выкладаючы свае прапановы, я далёкі ад думкі, што адкрываю Амерыку. Іменна падтрымліваючы нацыянальна свядомых беларусаў, у першай палове 90-х гадоў на гэтай платформе працаваў Фонд Сораса, гвалтоўна выгнаны з Рэспублікі Беларусь.
Сёння на поўных падставах можна сказаць, што дэструктыўная нацыянальная палітыка беларускага таталітарнага рэжыму, у вобразным прадстаўленні, — ахілесава пята кіраўніка дзяржавы.
Якія ж праекты ЕС і НГА ЕС маглі б мець найвялікшую сілу і моц?
Па-першае, палітычная кампанія звонку і ўнутры краіны, скіраваная супраць дыскрымінацыі карэннага насельніцтва і асабліва патрыятычнай і дэмакратычна настроенай моладзі.
Па-другое, адкрыццё у суседняй Украіне, пры магчымай падтрымцы яе урада, Нацыянальнага беларускага універсітэта па сутнасці, што было б радыкальнай мерай і значна палепшыць сітуацыю.. Разам з тым — дапамога украінскай і беларускай грамадскасці ў справе адкрыццяў Кіеве Беларускага культурнага цэнтра, пра што даўно вядзецца размова.
Па-трэцяе (па прапанове, скажам, ЕС), унесці змены ў праграмы навучання Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта (ЕГУ, Літва), куды паступаюць беларускія юнакі і дзяўчаты. Там шмат свядомых людзей, і гэты носьбіт дэмакратычных і асветных тэндэнцый пры пэўных намаганнях з боку яго рэктарата і педагогаў мог бы стаць сапраўднай кузняй нацыянальных кадраў для Беларусі.
Далей я назаву, да прыкладу, тэмы, праекты, якія, будучы распрацаванымі, таксама вартыя былі б першачарговай падтрымкі. А гэта і ўзмацненне дэмакратычных, асабліва патрыятычных СМІ, незалежных газет, якія па кошту былі б даступныя для збяднелага люду, і развіццё сеткі тэле-радыёкамунікатыўных і электронных сродкаў інфармацыі з той жа стратэгічнай для краіны праграмай. На мой погляд, мелі б поспех і культурна-асветныя праекты сярод студэнтаў і школьнікаў, выпуск цікавых і ярка аформленых кніг на беларускай мове, а таксама правядзенне НГА (з магчымай апорай на некаторыя дзяржаўныя структуры або без яе) штогадовых конкурсаў на лепшае веданне роднай гісторыі, культуры, мовы, правядзенне семінараў творчай моладзі, экскурсій па гістарычных мясцінах. А для лепшай дасведчанасці грамадскасці Еўропы ў гісторыі і сучасным жыцці беларускага народа зусім не лішнім было б перакласці і выдаць на Захадзе хоць адзін або й некалькі гістарычных мастацкіх твораў беларускай літаратуры.
У справу развіцця грамадзянскай супольнасці ў Беларусі несумненны унёсак магла б зрабіць грамадзянская ініцыятыва па згуртаванні пенсіянераў, хоць першая спроба стварыць такое аб’яднанне пацярпела няўдачу.
Безумоўна, закранутыя і пастаўленыя ў гэтым лісце пытанні патрабуюць пільнай увагі і абмеркавання. Дарэчы, я асабіста працую ў прапанаваным тут для партнёраў накірунку: у Інтэрнэце ў бліжэйшыя дні з’явіцца распрацаваны нашай творчай групай сайт «Мы – нацыя!» з адрасам www. nation-sos. info, дзе пад рубрыкай English, будзе змешчаны артыкул А. Багінскай «Сёлета на Дзяды», які пралівае дадатковае святло на закранутыя намі праблемы.
Стратэгічныя падыходы і праекты, якія прапануюцца для абмеркавання ЕС і НГА ЕС, па маім глыбокім перакананні, хутчэй дасталі б да сэрца і раскатурхалі б народ, узнялі б да жыцця напаўзабытыя ім надзеі і спадзяванні.
Падобная стратэгія таксама магла б прынесці найбольшую карысць і Украіне, асабліва ў яе ўсходніх рэгіёнах.
Я прашу кіраўнікоў і арганізатараў Кіеўскага рэгіянальнага кангрэса вельмішаноўных спадарыню А. Оешгер, спадароў Ж.-Л. Ларана, П. Нікалава і П. Казанецкага давесці мае думкі і прапановы да ўсіх афіцыйных і кампетэнтных асоб Савета Еўропы.
Мяркую, што кіраўнікам, арганізатарам, удзельнікам Кіеўскага рэгіянальнага кангрэса няўрадавых арганізацый варта было б разгледзець мой ліст што называецца ў рабочым парадку, бо час ідзе, а ў Расіі ўжо знаходзяцца паслядоўнікі амбіцыйнай лукашэнкаўскай палітыкі — сітуацыя ўскладняецца, і ў Беларусі, карыстаючыся патураннем уладных структур, уздымаюць голаў і спрабуюць дзейнічаць прафашысцкія арганізацыі.

Панове, давайце паможам беларусам паверыць у свае сілы, узняцца з каленяў і адчуць сваю годнасць!

 

 

БІЯГРАФІЧНАЯ ДАВЕДКА.

Якавенка Васіль Цімафеевіч, 1936 года нараджэння, кіраўнік экалагічных ініцыятыў і Беларускага сацыяльна-экалагічнага саюза «Чарнобыль» (з 1987 года), рэдактар сацыяльна-экалагічнай газеты «Набат» (1991–1996), старшыня рэвізійнай камісіі Саюза беларускіх пісьменнікаў, член праўлення ГА «Беллітфонд», сустаршыня Аргкамітэта ушанавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.
Аўтар мастацка-публіцыстычных кніг, гістарычнага рамана «Надлом» і трылогіі «Пакутны век». Апошнія творы напісаны на мала вядомым дакументальным матэрыяле і прысвечаны жыццю, драмам і трагедыям беларусаў на працягу апошняга стагоддзя.

Адрас: прасп. газеты «Звязда», д. 17, кв. 172, 220116, Мінск, Беларусь
Тэлефоны: +385 17 271-58-19 дам.; +385 29 776 77 13 маб.
 

 

                          Васіль Якавенка,
                           пісьменнік 


Publication date 04-01-2008
Categories Human rights and freedoms
Type Articles or papers
Download the document [10]
Contact information
First name and surname Якавенка Васіль Цімафеевіч
Email yakavenka@list.ru
Round_ld Round_pd
About Us Bg_pipe_down_sep Database Bg_pipe_down_sep Elibrary Bg_pipe_down_sep Events Bg_pipe_down_sep Grants Bg_pipe_down_sep Job Offers Bg_pipe_down_sep Project Partners Bg_pipe_down_sep Contact Us Bg_pipe_down_sep Site Map
Copyright © 2007 NON-GOV.ORG
The project is held under the auspices of
the Council of Europe
  The platform NON-GOV.ORG is administered by
the Casimir Pulaski Foundation
  Logo_coe2   Logo_cp